прастол каралевы Елізаветы. Адзін з яго патомкаў скарыстаў тую-ж прывілею пры ўступленні на прастол Іакава І. Пакуль гэту прывілею сабраўся скарыстаць яго сын, прайшло каля чвэрці стагоддзя, і «прывілея Кентаў» была забыта большасцю прыдворных, так што, калі ў адзін прыгожы дзень тагочасны Кент дазволіў сабе сесці ў прысутнасці Карла І, падняўся страшэнны перапалох! Але справа хутка высветлілася, і прывілея была пацверджана. Апошні з графаў Кентаў быў забіты ў грамадзянскай вайне, б’ючыся за караля, і з ім скончылася гэта незвычайная прывілея.
Том Кэнці дажыў да глыбокай старасці; гэта быў прыгожы сівавалосы стары, велічавага і скромнага выгляду. Усе шчыра паважалі яго і выяўлялі пашану да яго незвычайнага адзення, якое напамінала аб тым, што «ў свой час ён сядзеў на прастоле». Перад ім усе расступаліся, давалі яму дарогу і шапталі адзін аднаму:
— Здымі капялюш, гэта каралеўскі выхаванец!
І ўсе кланяліся яму, а ён у адказ ласкава ўсміхаўся, і гэту ўсмешку цанілі высока, бо калі з ім здарыўся апісаны тут эпізод, ён вёў сябе з такім благародствам.
Так, кароль Эдуард Шосты жыў нядоўга, бедны хлопчык, але з чэсцю пражыў гэтыя гады. Не раз, калі які-небудзь важны саноўнік, які-небудзь раззалочаны каралеўскі васал папракаў яго ў залішняй мяккасці ці даводзіў, што той або іншы закон, які ён хацеў змякчыць, і без таго дастаткова мяккі і без таго нікога не сцясняе і не мучыць, юны кароль накіроўваў на яго свае вялікія, красамоўныя, поўныя смутнай спагадлівасці вочы і казаў:
— Што ты ведаеш аб прыгнечаннях і муках? Аб гэтым ведаю я, ведае мой народ, але не ты.
Для тых лютых часоў царстваванне Эдуарда VI было на дзіва міласэрным і лагодным.