твая адзежа, мне здаецца, я жывей адчуваю, што адчуў ты, калі гэты грубы салдат… Слухай, у цябе-ж на руцэ сіняк.
— Глупства, гасудар! Ваша светласць ведаеце, што гэты злашчасны вартавы…
— Маўчы! Ён абышоўся з табой ганебна, злосна! — усклікнуў маленькі прынц, тупнуўшы босай нагой. — Калі кароль… Не кратайся з месца, пакуль я не вярнуся! Такі мой загад!
У адзін міг ён схапіў са стала і схаваў нейкі прадмет, які меў дзяржаўнае значэнне, выскачыў за дзверы і паімчаўся ў патрапаных лахманах па пакоях палаца. Твар у яго разгарэўся, вочы заблішчэлі. Падбегшы да вялікіх варот, ён ухапіўся за жалезныя пруты і, торгаючы іх, закрычаў:
— Адчыні! Адчыні вароты!
Салдат, той самы, што скрыўдзіў Тома, зараз-жа выканаў гэтае патрабаванне; як толькі прынц, задыхаючыся ад царственнага гневу, выбег з высокіх варот, салдат пачаставаў яго такой звонкай аплявухай, што той кулём паляцеў на дарогу.
— Вось табе, жабрацкае адроддзе, за тое, што мне праз цябе дасталося ад яго высокасці!
Натоўп зароў, зарагатаў. Прынц апынуўся ў гразі. Ён ускочыў на ногі і гнеўна падляцеў да вартавога з крыкам:
— Я прынц Уэльскі! Мая асоба свяшчэнная, і цябе павесяць за тое, што ты асмеліўся дакрануцца да мяне.
Салдат аддаў яму чэсць алебардай і з усмешкай сказаў:
— Хай жыве яго каралеўская высокасць!
Потым сярдзіта:
— Ідзі ты прэч, дурная рвань!
Натоўп з рогатам абступіў няшчаснага маленькага прынца і пагнаў яго па дарозе з гікам і крыкам:
— Дарогу яго каралеўскай высокасці. Дарогу прынцу Уэльскаму!
РАЗДЗЕЛ ЧАЦВЕРТЫ
НЯГОДЫ ПРЫНЦА ПАЧЫНАЮЦЦА
Народ цкаваў і праследаваў прынца на працягу многіх гадзін. А потым адвярнуўся і пакінуў яго аднаго. Пакуль у прынца хапала сілы люта адбівацца ад бязлітасных праследвальнікаў, пагражаючы ім сваім каралеўскім гневам, пакуль ён мог даваць загады натоўпу сваім царственным голасам, гэта цешыла людзей;