— Ад гэтага і я не адмовіўся-б. Расказвай яшчэ!
— Мы бегаем навыперадкі, сэр, хто каго перагоніць.
— Мне было-б да спадобы і гэта! Далей!
— Улетку, сэр, мы ходзім па вадзе басанож, купаемся ў каналах і ў рацэ, пры гэтым пырскаем адзін на аднаго вадой, хапаем адзін аднаго за шыю і прымушаем ныраць, і плаваем, і крычым, і скачам…
— Я аддаў-бы ўсё каралеўства майго бацькі, каб хоць разок пазабаўляцца гэтак. Калі ласка, расказвай яшчэ.
— Мы спяваем і скачам вакол майскага слупа ў Чыпсайдзе; мы закопваем адзін аднаго ў пясок; мы робім з гразі пірагі, — о, любая гразь! ва ўсім свеце нішто не дае нам больш прыемнасцей. Мы проста так і качаемся ў ёй, хай не пакрыўдзіцца сэр!
— Ні слова болей, прашу цябе! Гэта-ж цудоўна! Каб я толькі мог апрануцца ў адзежу, падобную да тваёй, зняць з ног абутак, пацешыцца гразёю хоць раз, хоць адзінюсенькі разок, але каб ніхто мяне не лаяў і не стрымліваў, — я, здаецца, з радасцю аддаў-бы карону.
— А я… каб я хоць раз мог адзецца так, як вы, ваша светласць, толькі раз, адзін-адзіны разок…
— О, вось чаго захацелася! Што-ж, няхай будзе так! Здымай лахманы і апранай гэта раскошнае ўбранне. У нас будзе нядоўгае шчасце, але ад гэтага яно не зробіцца менш радасным! Пагуляем, пакуль можна, а потым зноў пераапранемся, перш чым прыдуць і перашкодзяць.
Праз некалькі мінут маленькі прынц Уэльскі ўбраўся ў рыззё, якое было адзеннем Тома, а маленькі прынц Бядоты — у раскошнае царскае плацце.
Абодва падышлі да вялікага люстэрка, і — о дзіва! — ім здалося, што яны зусім і не мяняліся касцюмамі! Яны ўтаропілі вочы адзін на аднаго, потым паглядзелі ў люстэрка, потым зноў, адзін на аднаго. Нарэшце здзіўлены прынц сказаў:
— Што ты думаеш аб гэтым?
— Ах, ваша міласць, не вымагайце, каб я адказаў на гэтае запытанне. Чалавеку майго звання не належыць гаварыць такія рэчы.
— Тады скажу аб гэтым я. У цябе такія самыя валасы, такія-ж вочы, такі-ж голас, такая хада, такі-ж рост, такая самая постаць, такі-ж твар, як у мяне. Каб мы вышлі голымі, ніхто не мог-бы сказаць, хто з нас ты, а хто прынц Уэльскі. Цяпер, калі на мне,