ўсяго свету накіраваны на цябе! — і з прыкрасцю дадаў. — Каб яна прапала, гэта няшчасная жабрачка! Гэта яна так расстроіла вашу вялікасць!
Расфранчоны кароль накіраваў на герцага патухшы позірк і сказаў бязгучным голасам:
— Гэта была мая маці!
— Божа мой… — прастагнаў пратэктар, ад’язджаючы назад. — Дрэнны знак не прайшоў дарма: ён зноў страціў розум!
РАЗДЗЕЛ ТРЫЦЦАЦЬ ДРУГІ
ДЗЕНЬ КАРАНАЦЫІ
Вернемся на некалькі гадзін назад і зоймем месца ў Вестмінстэрскім абацтве ў чатыры гадзіны раніцы ў памятны дзень каранацыі. Мы тут не адны: хоць знадворку яшчэ ноч, але асветленыя факеламі хоры ўжо поўныя народам; мноства людзей забралася сюды ўжо з вечара. Яны гатовы прасядзець шэсць-сем гадзін, абы ўбачыць відовішча, якое наўрад ці можна спадзявацца ўбачыць два разы ў жыцці, — каранацыю караля. Так, Лондан і Вестмінстэр узняліся на ногі з трох гадзін ночы, калі грымнулі першыя гарматы, і ўжо вялізны натоўп не знатных, але заможных грамадзян, заплаціўшы грошы за доступ на хоры, ціснецца ля ўваходаў, прызначаных для людзей іхняга саслоўя.
Гадзіны цягнуцца досыць нудна. Усякая мітусня мала-па-малу сціхла, бо хоры даўно ўжо паўнюткія. Прысядзем і мы: у нас досыць часу, каб агледзецца і падумаць. З усіх бакоў, куды ні глянеш вокам, са змроку, пануючага ў саборы, выступаюць часткі хораў і балконаў, усеяныя гледачамі; другія-ж часткі тых-жа хораў і балконаў схаваны ад вока калонамі і ляпнымі ўпрыгожаннямі. Мы ясна бачым увесь вялізны паўночны алтар сабора — пусты, пакуль прыдзе адборная публіка. Мы бачым таксама вялікі памост, засланы багатай тканінай. Пасярэдзіне яго, на ўзвышэнні, да якога вядуць чатыры ступені, стаіць трон. У сядзенне трона ўпраўлен неапрацаваны плоскі камень — Сконскі камень[1], на якім каранаваліся многія пакаленні шатландскіх каралёў; звычай і час настолькі асвяцілі яго, што цяпер на
- ↑ Спачатку гэты камень захоўваўся ў шатландскім горадзе Сконе; у 1299 г. кароль Эдуард І перавёз яго ў Лондан, а пазней яго ўставілі ў сядзенне каранацыйнага трона ў Вестмінстэрскім абацтве.