Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— У гэтым я не сумняваюся, — сказаў кароль і ў сваю чаргу расказаў, што было з ім; выслухаўшы яго, Гендон вельмі шкадаваў, што не забіў архангела.

У апошні дзень падарожжа Гендон быў вельмі ўзбуджаны. Ён балбатаў, не сціхаючы. Ён гаварыў аб сваім старым бацьку, аб сваім браце Артуры, прыводзіў розныя прыклады іх велікадушша і благародства, з любоўю расказваў пра сваю Юдзіф, і быў так шчаслівы, што нават пра Г’ю гаварыў ласкава, як брат. Ён голасна марыў аб прадстаячым спатканні з сям’ёй, аб тым, якім будзе яго прыезд у Гендонскі замак і якую бурную радасць ён выклікае.

Яны ехалі па прыгожай мясцовасці, міма домікаў і фруктовых садоў; дарога ішла шырокім лугам; пакатыя ўзвышшы былі падобны на марскія хвалі. Пасля поўдня блудны сын усё часцей адхіляўся ад сваёй дарогі, узбіраўся на які-небудзь узгорак і стараўся разгледзець удалечы дах роднага дома. Нарэшце ён разгледзеў яго і ўсхвалявана крыкнуў:

— Вось вёска, мой прынц, а вось і замак з ёй побач! Адсюль відаць вежы; а вунь той лес — гэта парк майго бацькі. Цяпер ты ўбачыш, што такое знатнасць і раскоша! У доме семдзесят пакояў — падумай толькі! — і дваццаць сем слуг. Нядрэнны дом для такіх, як мы з табой, а? Ну, спяшайся, я не магу больш стрымліваць сваё нецярпенне!

Але, як яны ні спяшаліся, было ўжо болей за тры гадзіны, калі яны даехалі да вёскі. Пакуль яны праязджалі праз яе, Гендон не змаўкаў ні на хвіліну.

— Вось і царква, апавітая ўсё тым-жа плюшчам. Усё па-ранейшаму, нічога не змянілася. А вось гасцініца «Стары Чырвоны Леў», вось рыначная плошча. Вось майскі слуп, вунь вадакачка, — нічога не змянілася, апрача людзей, вядома; за дзесяць год людзі павінны змяніцца; некаторых я як быццам пазнаю, але мяне не пазнае ніхто.

Так ён балбатаў, не спыняючыся. Хутка яны даехалі да канца вёскі і павярнулі на вузкую, звілістую дарогу, абнесеную з двух бакоў высокім плотам, быстра праскакалі па ёй з поўмілі, затым праз раскошныя вароты на высокіх каменных слупах з вылепленымі на іх гербамі заехалі ў сад, поўны кветак. Перад імі быў велічны замак.

— Вітаю цябе ў Гендон-холе, кароль! — усклікнуў Майлс. — О, сёння вялікі дзень! Мой бацька і мой брат, і лэдзі Юдзіф

159