Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

міласцінай, — працягваў руку за чэрствай скарынкай, а атрымаў калоду і страціў адно вуха, — глядзіце, бачыце гэтую рэштку; я зноў пачаў прасіць міласціну — і вось след другога вуха, каб я не забываўся на англійскі закон; але я ўсё-такі прадаўжаў прасіць, і нарэшце мяне прадалі ў рабства — вось на маёй шчацэ пад гэтым брудам кляймо; калі змыць гэты бруд, вы ўбачыце чырвонае Р, выпечанае распаленым жалезам. Раб! Ці зразумела вам гэтае слова? Англійскі раб! — вось ён стаіць перад вамі. Я ўцёк ад свайго пана і, калі мяне зловяць, — будзь проклята краіна, стварыўшая такія законы! — я буду павешаны.

Звонкі голас прагучэў у цемры:

— Ты не будзеш павешаны! Ад сёнешняга дня гэты закон касуецца!

Усе павярнуліся туды, адкуль пачуўся голас, і ўбачылі фантастычную фігуру маленькага караля, які шпарка набліжаўся да іх; калі ён вышаў на святло і быў выразна відаць, з усіх бакоў паляцелі пытанні:

— Хто гэта? Што гэта? Хто ты такі, пудзіла?

Хлопчык стаў спакойны і ўпэўнены сярод гэтых здзіўленых, запытальных вачэй і адказаў з царскім гонарам:

— Я Эдуард, кароль Англіі.

Раздаўся дзікі рогат, часткай насмешлівы, часткай задаволены, — вельмі ўжо забаўным здаваўся жарт. Кароль пакрыўдзіўся. Ён сказаў рэзка:

— Вы непрыстойныя брадзягі! Дык вось ваша ўдзячнасць за каралеўскую ласку, якую я вам абяцаў!

Ён прадаўжаў іх папракаць гнеўна і ўсхвалявана, але яго словы губляліся сярод рогату і насмешлівых усклікаў. Джон Гобс некалькі разоў прабаваў перакрычаць крыкуноў, і нарэшце гэта яму ўдалося:

— Сябры, гэта мой сын, лятуценнік, дурань, вар’ят, — не звяртайце на яго ўвагі: ён уяўляе сабе, што ён кароль.

— Вядома, я кароль, — звярнуўся да яго Эдуард, — і ты ў свой час пераканаешся ў гэтым на справе. Ты прызнаўся, што забіў чалавека, — цябе падчэпяць за гэта на шыбеніцу.

Ты збіраешся выдаць мяне? Ты? ды я сваімі рукамі задушу цябе…

— Цішэй, цішэй! — перапыніў яго асілак-атаман. Ён кінуўся на дапамогу каралю і адным ударам кулака зваліў Гобса на зямлю. — Ты, здаецца, не паважаеш ні каралёў, ні атаманаў?