Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Увайшлі асабовыя вартаўнікі з непакрытымі галовамі, у пунсовым адзенні з залатымі ружамі на спінах; яны выходзілі і прыходзілі зноў, кожны раз прыносячы новую перамену стравы на сярэбраным блюдзе. Гэтыя блюды прымаў джэнтльмен у тым самым парадку, як іх прыносілі, і ставіў іх на стол, між тым як лорд, прызначаны для каштавання страў, даваў кожнаму з вартаўнікоў крыху пакаштаваць тае стравы, якую ён прынёс, каб не было атруты».

Том вельмі добра паабедаў, хоць і адчуваў, што сотні вачэй сочаць за кожным кавалкам, які ён падносіць да рота, і глядзяць, як ён глытае яго, з такой велізарнай цікавасцю, нібы гэта не ежа, а порах, які разарве іхняга манарха на кавалкі. Ён стараўся не спяшацца і нічога самому не рабіць для сябе, а чакаць, пакуль спецыяльна прыстаўленая для гэтага асоба апусціцца на калена і зробіць за яго ўсё, што трэба. За ўвесь абед у яго не было ніводнай памылкі — бліскучы, незвычайны поспех!

Калі абед скончыўся і Том вышаў, акружаны пышнай світай, пад вясёлыя гукі барабанаў і труб, сярод грома прывітальных крыкаў, — ён мімаволі падумаў, што калі абедаць публічна не такая ўжо лёгкая справа, ён усё-ж гатоў перацярпець гэту пакуту па некалькі разоў у дзень, абы пазбавіцца іншых, больш цяжкіх і непрыемных абавязкаў свайго каралеўскага стану.


РАЗДЗЕЛ СЕМНАЦЦАТЫ

КАРОЛЬ ФУ-ФУ ПЕРШЫ

Майлс Гендон шпарка ішоў па масту, накіроўваючыся да саутворкскага берага. Ён пільна прыглядаўся да кожнага прахожага, спадзеючыся дагнаць і захапіць тых, каго шукаў. Але надзея яго была дарэмная. На мосце паказалі яму, куды гэтыя людзі накіраваліся, і ён мог прасачыць частку іхняга шляху ў Саутворку, але там сляды абрываліся, і ён зусім не ведаў, што яму рабіць далей. І ўсё-ж да самага вечара ён прадаўжаў свае пошукі. Ноч застала яго знясіленым, галодным. Мэта, да якой ён так, прагна імкнуўся, была таксама далёка ад яго, як і раніцай. Ён павячэраў у таверне Табарыда і лёг спаць, парашыўшы на другі дзень устаць раней і вышныраць усе куткі горада. Ён доўга раздумваў, што яму рабіць, і нарэшце прышоў да такога вывада:

«Хлопчык, пры першай магчымасці, уцячэ ад нягодніка, які