Перайсці да зместу

Старонка:Прынц і жабрак (1940).pdf/105

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяжкія доказы. Шмат хто сцвярджае, што чараўніца, якая пасля таго знікла з вёскі невядома куды, прадракала па сакрэту ўсім і кожнаму, што хворы будзе атручаны і памрэ, і болей яшчэ — што атруту дасць яму незнаёмы цёмнавалосы прахожы ў простым паношаным адзенні. Асуджаны поўнасцю падыходзіць пад гэтыя адзнакі. Прашу вашу вялікасць аднесціся з належнай увагай да гэтага сур’ёзнага доказу з прычыны таго, што ўсё гэта было напрарочана загадзя.

У тыя забабонныя дні гэта быў наймацнейшы довад. Том адчуў, што такі доказ вырашае ўсю справу, і віна бедняка даказана, калі надаваць якую-небудзь вартасць такім доказам. Але ўсё-ж яму хацелася даць небараку яшчэ адну магчымасць апраўдацца, і ён звярнуўся да яго са словамі:

— Калі можаш сказаць што-небудзь у сваё апраўданне, кажы!

— Нішто мяне не выратуе, судар! Я невінаваты, але даказаць гэта не магу. У мяне няма ні сяброў, ні блізкіх, іначай я мог-бы даказаць, што ў той дзень я нават не быў у Айлінгтоне. Я мог-бы даказаць, што ў той час я быў за цэлую мілю ад гэтага месца, на Уопінг-Олд-Стэрс[1]. Больш таго, гасудар, я мог-бы даказаць, што ў той самы час, калі я, як яны гавораць, загубіў чалавека, я выратаваў чалавека. Тапіўся хлопчык…

— Пачакай! Шэрыф, у які дзень гэта было?

— У дзесяць гадзін раніцы або на некалькі мінут пазней у першы дзень новага года, мой аўгусцейшы…

— Адпусціць яго на волю — такі мой каралеўскі загад!

Вымавіўшы гэта, Том зноў страшэнна пачырванеў і паспяшыў загладзіць, як мог, свой некаралеўскі парыў, дадаўшы:

— Мяне злосць бярэ, што чалавек ідзе на шыбеніцу праз такія пустыя, несур’ёзныя доказы!

Шэпт здзіўлення і захаплення пранёсся па зале. Захапляліся не прыгаварам, бо мала хто з прысутных захацеў-бы ўхваліць памілаванне выкрытага атручвальніка, — захапляліся розумам і знаходчывасцю, выяўленымі ў гэтым выпадку Томам. Чуліся такія заўвагі, выказаныя напоўголас:

— Не, ён не вар’ят, наш кароль! Ён пры поўным розуме.

— Як разумна ён ставіў пытанні і як гэта падобна на яго ранейшую манеру — гэта крутое, уладарнае рашэнне.

  1. Даўняя прыстань на Темзе.