Старонка:Прынц і жабрак (1928).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

але-ж нельга было назваць гэтага пасьцельлю, — пасьля раніцаў уся гэтая трасянка зграбалася ў адну гурбу, а ўвечары йзноў разьбіралася, дзеля таго, каб зрабіць ложка.

Бэт і Нан, блізьняткам, ішоў шаснаццаты год. Гэта былі дабрадушныя дзеўчынкі, хоць і вельмі цёмныя, неахайныя, апраненыя ў рызьзё. Маці падобна была да іх. А бацька з бабкаю былі сапраўднымі дзяцьмі пекла. Яны напіваліся п’янымі пры першай магчымасьці, і тады пачыналі біцца паміж сабою, альбо з першым спатканым; п’яныя ці цьвярозыя, яны вечна лаяліся. Джон Канці займаўся зладзействам, а жонка яго жабрацтвам. Дзяцей яны пасьпелі зрабіць жабракамі, але не зладзеямі. Рэч у тым, што сярод жахоўнага насяленьня кварталу жыў добры стары сьвяшчэньнік, звольнены каралём, з пэнсіяю ў некалькі фарсінгаў; ён вось, у баку й тоячыся, настаўляў дзяцей на шлях праўды. Айцец Андр’ю вучыў Тома чытаць і пісаць, а таксама крыху й лаціны, дый дзяўчатак хацеў быў навучыць, але яны пабаяліся насьмяханьняў з боку прыяцеляк, якім не па сэрцы прыйшлася-б гэткая вучонасьць.

Увесь Офаль-Корт быў падобны да дому Канці. П’янства, разгул, шум і гоман былі там у парадку рэчаў кожны дзень і цягнуліся блізу ўсю ноч. Разьбітая галава складала гэткае самае заўсёднае зьявішча, як і галодны жывот. Усё-ж такі маленькі Том ня быў нешчасьлівым. Цяжкі для яго быў часок, але не разумеў ён гэтага. Усім дзецям Офаль-Корту выпадала тая самая доля і дзеля гэтага ён думаў, што так і павінна быць. Калі яму прыходзілася ўвечары вяртацца дамоў з пустымі рукамі, ён наперад ведаў, што бацька злае яго і наб’е, што затым бязьлітасная бабка накладзе яму ў дадатак і што ўночы маці ціхенька падойдзе да яго са скарынкай хлеба, якую ёй, галоднай, удалося схаваць пад страхам быці злоў-