опэрацыі, яны пралежаць ня менш, як два месяца, а калі будуць мачыць рану сьліной, дык і цэлых паўгода, а не дык і зусім адкараскаюцца ад вайсковае службы.
Даўгаль, згубіўшы ўсякую душэўную раўнавагу, пашоў з салдатам у прыбіральню ўпырскваць сабе ў нагу газу.
Як падышло ўжо пад вечар, Швэйк зрабіў прапазыцыю падацца да фэльдкурата. Маленькі таўстун, у якога язык пачаў ужо балтацца, спакушаў Швэйка астацца яшчэ. Даўгаль быў тае самае думкі, што фэльдкурат можа пачакаць. Аднак Швэйку ў „Кукліку“ ўжо надакучыла, і ён пагразіў, што пойдзе адзін.
Яны рушылі ў дарогу. Але Швэйк мусіў ім перад тым паабяцаць, што будзе зроблены яшчэ адзін прывал. Яны спыніліся ў маленькай кавярні, дзе таўстун прадаў свой срэбны гадзіньнік, каб яшчэ пазабавіцца.
Адтуль пад пашкі вёў іх ужо Швэйк. Працы яму хапіла досыць. Ногі ў канвойных праз увесь час падгіналіся, і іх бесьперастаньня цягнула яшча куды-небудзь зайсьці. Маленькі таўстун ледзьве ня згубіў пакет да фэльдкурата, і Швэйку выпала несьці пакет самому. Швэйк мусіў кожны раз перасьцярагаць іх, калі насустрач ішоў афіцэр ці які-небудзь унтэр. З нядмернымі нялюдзкімі патугамі ён нарэшце здолеў давалачы іх да Каралеўскае вуліцы, дзе жыў фэльдкурат. Швэйк уласнай рукою прымкнуў ім штыхі да вінтовак і падштурхваючы пад рабры, прымусіў іх, каб яны вялі яго, а ня ён іх.
На другім паверсе, дзе на дзьвярох кватэры была візытная картка: „Отто Кац — фэльдкурат“, ім вышаў адчыніць нейкі салдат. З суседняга пакою выляталі галасы, звон бутэлек і чарак.
— Дазвольце... далажыць... пане фэльдкурат... — з патугай выгаварыў даўгаль, казыраючы салдату, — ...і даставіць пакет з чалавекам...
— Улазьце, ці што, — сказаў салдат. — Дзе гэта вы так набраліся? Пан фэльдкурат тож... І салдат плюнуў.
Пакет занесьлі. Увайшоўшы, Швэйк з канвойнымі доўга чакалі ў пярэднім пакоі, аж раптам адчыніліся дзьверы і ў па-