— Пані Мюлер, — пачуўся з сумежнага пакою ціхі Швэйкаў голас, — пані Мюлер, хадзіце сюды на хвіліначку.
Калі чалядніца падышла да ложка, Швэйк тым-жа ціхім голасам праказаў:
— Сядайце, пані Мюлер.
У яго голасе было нешта таемнае і ўрачыстае. Калі пан Мюлер села, Швэйк, узьнімаючыся на ложку, агаласіў:
— Я іду на вайну.
— Матка боска! — крыкнула пані Мюлер. — Што вы там будзеце рабіць?
— Біцца, — замагільным голасам адказаў Швэйк, — у Аўстрыі надта кепскія справы. Зьверху лезуць на Кракаў, а зьнізу — на Вэнгрыю. Нам добра ўсмалілі, куды ні зірні. Праз усё гэта мяне заклікаюць на вайну. Яшчэ ўчора толькі я чытаў з газэтах, што „дарагую радзіму зацягнулі хмары“.
— Але-ж вы ня здольны паварухнуцца?
— Дармо, паеду на вайну ў каламажцы для хворых. Знаеце цукерніка на рагу? У яго ёсьць такая каламажка. Ён у ёй колькі год таму вывозіў падыхаць сьвежым паветрам свайго крывога псюка-дзядульку. Вы, пані, Мюлер, завязіце мяне ў гэтай каламажцы на вайсковую службу.
Пані Мюлер заплакала.
— Ці ня зьбегаць мне, паночку, па доктара?
— Нікуды ня йдзіце, пані Мюлер. Каб ня ногі, я цалкам здаровы на пушачнае мяса. У гэткі момант, калі з Аўстрыяй справы дрэнь, нават калека павінен выканаць свой абавязак. Глядзіце, каб у вас ня выбегла кава.
І ў той час, як пані Мюлер, заплаканая і расчуленая, цадзіла каву, удалы ваяка Швэйк, лежачы ў ложку, запеў:
Генэрал Віндышгрэц з харобрымі панамі, |