ясна і дакладна паказана: пакампанаваць — што-б там ні было — бліжэй са Швэйкам на глебе гандлю сабакамі, навошта ён — Брэтшнэйдэр, мае права падшукаць сабе памоцнікаў і траціць пэўныя сумы на куплю сабак.
— Фокстэр‘еры ёсьць буйнейшыя і драбнейшыя, — сказаў Швэйк. — Маю на ўвазе двух маленькіх і трох большанькіх. Усе пяцёра зусім свойскія. Магу іх вам горача рэкомэндаваць.
— Гэта-а мне падышло, — заявіў Брэтшнэйдэр. — А колькі каштуе гэты адзін?
— Як на велічыню, — адказаў Швэйк, — усё залежыць ад велічыні. Фокстэр‘ер не цяля, з фокстэр‘ерамі справа якраз наадварот: што драбней, то даражэй.
— Я ўзяў-бы большага, дом сьцерагчы, — сказаў Брэтшнэйдэр, баючыся, каб не абцяжарыць сакрэтны фонд сакрэтнае паліцыі.
— Вельмі добра! — ухапіўся Швэйк. — Вялікага магу вам прадаць за пяцьдзесят крон, найвялікшага — за сорак пяць. Але мы забыліся на адно: вам шчанюка, ці старэйшага, сабаку ці сучку?
— Гэта мне ўсёроўна, — адказаў Брэтшнэйдэр, якому добра дадзелі гэтыя неразьвязныя проблемы. — Дык падрыхтуйце мне аднаго, а я заўтра а сёмай гадзіне ўвечары да вас за імі прыду. Згода?
— Згода, будзе зроблена, заходзьце, — сказаў Швэйк і троху сушэйшым тонам дадаў — у такім разе я-б папрасіў вас у задатак трыццаць крон.
— Аб чым гаварыць! — сказаў Брэтшнэйдэр, плоцячы грошы. — Ну, а цяпер мы з вамі разап‘ем па чвярціне віна на мой кошт...
Наліваючы пятую чвэртку, Брэтшнэйдэр умаўляў Швэйка, каб не баяўся яго, заявіўшы, што ён сёньня не на службе, і таму Швэйк можа адкрыта гаварыць з ім аб політыцы.
Швэйк заявіў, што ён ніколі аб політыцы ў шынку не гаворыць, дый наогул уся політыка — занятак для дзяцей малодшага ўзросту.
— Брэтшнэйдэр, наадварот, меў самыя рэволюцыйныя перакананьні і агаласіў, што кожная слабая дзяржава асуджана на