Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

паліцыянт, на што Швэйк адказаў, што чалавек ён лагодны і з падзякай прымае ўсё, што яму прапануюць.

У камеры на падлозе сядзеў нейкі задуменны пан. Па яго апатычным абліччы можна было зразумець, што ў ім пад скрогат ключа ў дзьвярох нават і не шавальнулася надзея, што, можа, гэта яму адчыняюць дзьверы на волю.

— Маё шанаваньне, — сказаў Швэйк, падсеўшы да яго на падлогу.

— Ці ня ведаеце вы прыблізна, якая цяпер гадзіна?

— Што мне да гадзіны? — адказаў задуменны пан.

— Тут някепска, — наводзіў Швэйк на гутарку. — Падлога з габляванага дрэва.

Сур‘ёзны пан не адказаў, устаў і пачаў кідацца ў вузкім прагале паміж дзьвярэй і падлогай, быццам на пажары.

Швэйк тымчасам з цікавасьцю разглядаў надпісы, надрапаныя на сьценах. У адным надпісы арыштаваны абвяшчаў паліцыі вайну не на жыцьцё, а на сьмерць. У тэксьце было:

„Вам гэта дарма ня пройдзе!“

Другі арыштаваны напісаў:

Каб вы падавіліся, пеўні[1]!

Трэці проста канстатаваў факт:

„Сядзеў тут 5 чэрвеня 1914 году, абыходзіліся са мной корэктна. Крамнік Язэп Марэчак з Вршавіц“.

Быў і надпіс, які ўзрушваў сваёй глыбінёй:

„Памілуй мя, госпадзі!“

А пад гэтым:

„Пацалуйце мяне ў с...“

Літара „с“ была ўсё-ткі закрэсьлена, і збоку напісана вялікімі літарамі:

„Ніжэй за сьпіны“.

Побач нейкая поэтычная душа напісала верш:

„Над ракой маркотны я сяджу,
Сонейка за горы ўжо заходзіць,
На узгорак сонечны гляджу,
Там мая каханка ў смутку ходзіць“...

  1. Паліцыянты ў Чэхіі пары аўстра-вэнгерскай монархіі насілі каску з пеўневым пер‘ем.