— Дзеля таго, што я не апрануты, зусім голы, я ня хачу паказваць паном нічога такога, што-б надало ім думку, быццам я ня маю ніякае далікатнасьці.
Ад таго моманту, як санітары атрымалі загад вярнуць Швэйку ягоную вопратку, яны не выяўлялі да яго ніякай руплівасьці, загадалі яму апрануцца і адзін санітар завёў яго ў трэцяе аддзяленьне. Там трымалі яго колькі дзён, пакуль канцылярыя нарыхтавала паперы да выпіскі яго з вар‘яцкага дому, і Швэйк прымеў зрабіць тут свае назіраньні! Ашуканыя дактары далі аб ім гэткае заключэньне:
„Прыдуркаваты сымулянт“.
Дзеля таго, што Швэйка выпісалі з больніцы перад самым абедам, справа дайшла да невялічкага скандалу. Швэйк голасна протэставаў, заяўлячы, што калі чалавека выкідаюць з вар‘яцкага дому, дык няможна гнаць яго без абеда.
Скандал суняў выкліканы брамнікам паліцыянт, які пераправіў Швэйка ў паліцэйскі камісарыят на Сальмовай вуліцы.
РАЗЬДЗЕЛ V
ШВЭЙК У ПАЛІЦЭЙСКІМ КАМІСАРЫЯЦЕ НА САЛЬМОМАЙ ВУЛІЦЫ.
Сьледам за праменна-сьветлымі днямі ў вар‘яцкім доме насталі для Швэйка часіны, поўныя нягод і пакуты. Паліцэйскі інспэктар Браун правёў сцэну сустрэчы са Швэйкам паводле рымскіх намесьнікаў пары імпэратара Нэрона. І так-жа люта, як у свой час прамаўлялі яны: „Кіньце гэтую хрысьціянскую погань ільвом!“ — Браун сказаў:
— Пасадзіце яго пад замок!
Ані слова болей, ані слова меней. Адно вочы ў пана паліцэйскага інспэктара Брауна на момант пыхнулі нейкім асаблівым сласнотным агнём. Швэйк укланіўся і з годнасьцю праказаў:
— Я гатоў, панове. На маё разуменьне, „пад замóк“ азначае — у каталажку, а гэта ня надта ўжо і кепска.
— Асабліва тут у нас не раздабарвайце, — сказаў дзяжурны