Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/184

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Швэйк пасеяў у яе сэрцы безьліч надзей, сказаўшы, што прыдзе а шостай гадзіне зноў, і пашоў паведаміць свайму прыяцелю Благніку, што сабака жарэ пячонку ўсякага гатунку.

— Пачастую яго кароўскай, — пастанавіў Благнік. — На кароўскую ў мяне ўзяўся сэн-бэрнар фабрыканта Выдры, вельмі верны сабака. Заўтра прывяду табе сабаку ў поўным парадку.

Благнік спраўдзіў сваё слова. Калі Швэйк скончыў ураньні прыбіраць пакоі, за дзьвярмі пачуўся брэх, і Благнік увалок у кватэру пінчэра. Ён упінаўся і быў яшчэ больш усшэршаны, чымся ўсшэршыла яго прырода. Сабака дзіка пазіраў з-пад ілба і дзіка варочаў вачмі, быццам галодная тыгра, якая азірае з сваёй клеткі якога-небудзь наведніка зоолёгічнага саду, ляскаў зубамі і гурчаў, нібы гаварыў: „Разарву, зьем!“ Сабаку навязалі да кухоннага стала, і Благнік расказаў пунктоўна, адно за адным, увесь ход адабраньня з уласнасьці сабакі.

— Прайшоў я сумысьля паўз яго, а ў руцэ трымаю вараную пячонку ў паперы. Сабака стаў прынюхвацца ды скакаць навокал мяне. Я яму нічога не даю і іду далей. Сабака за мной. Тады я збочыў са сквэра на Брэдаўскую вуліцу і там даў яму першы кавалак. Ён жор на хаду, каб ня губляць мяне з вока. Я збочыў на Інджыскую вуліцу, дзе даў яму яшчэ порцыю. Як сабака нажорся, я навязаў яго на ланцужок і павалок цераз Вацлаўскі пляц на Вінаграды аж да Вршовіц. Дарогаю сабака вырабляў чыстыя дзівосы. Як я пераходзіў цераз трамвайную лінію, ён лёг на рэйкі і не хацеў рушыцца з месца: мабыць хацеў скончыць жыцьцё самагубствам… Вось, дарэчы, я прынёс з сабой чыстую блянку на атэстат, купіў у папяровым магазыне ў Фукса. Табе прыдзецца падрабіць атэстат самому, Швэйк.

— Глядзі, што лепей, каб было гэта напісана тваей рукой. Напішы, што сабака паходзіць з Лейпцыга, з псярні фон-Бюлава. Бацька — Арнгейм фон-Кальсберг, маці — Эмма фон- Траутэнсдорф, што паходзіць ад Зыгфрыда фон-Бузэнталь. Бацька атрымаў першы прыз на бэрлінскай выстаўцы пінчараў тысяча дзевяцьсот дванаццатага году. Маці ўзнагароджана мэдальлю нюрэнбэрскага таварыства разьвядзеньня чыстакроўных сабак. Як мяркуеш, колькі яму год?