І, уткнуўшы заплаканы твар у падушку, ён ціха, тонкім голасам працягнуў:
— Я слабавольны падлюга... — і ўраз заснуў, нібы камнем пашоў на дно.
Назаўтрага фэльдкурат, унікаючы Швэйкавага погляду, пашоў раненька з хаты і вярнуўся ажно пад ноч удвух з тоўстым пяхотнікам.
— Швэйк, — сказаў ён, гледзячы некуды ўбок, — пакажыце новаму дзяншчыку, дзе што ляжыць, каб ён быў у курсе спраў, і наўчыце яго гатаваць грог. Ураньні вы зьявіцеся да паручніка Лукаша.
Швэйк са сваім застаўнікам прыемна прабавіў ноч, гатуючы грог. Пад раньне таўстун ледзьве трымаўся на нагах і бурчэў сабе пад нос нясусьветную мешаніну з розных народных песень.
— Аб табе я ня турбуюся, — сказаў Швэйк. — З гэткімі здольнасьцямі ты ў фэльдкурата ўбудзеш.
Такім чынам, першае, што ўбачыў гэтым раньнем паручнік Лукаш, была сумленная, адкрытая фізыёномія ўдалага ваякі Швэйка, які рапартаваў яму:
— Дазвольце далажыць, пане паручнік, я — Швэйк, прайграны панам фэльдкуратам вам у карты.
*
Інстытут дзяншчыкоў вельмі даўнага паходжаньня. Кажуць, што дзяншчыкі былі яшчэ за Аляксандрам Македонскім. У кожным разе няма сумненьня аб тым, што за эпоху фэўдалізму гэтую ролю спраўлялі рыцаравыя зброяносцы. За каго быў Санча-Панча ў Дон-Кіхота? Дзіўна, што ніхто да гэтай пары не напісаў гісторыю дзяншчыкоў. Мы прачыталі-б там, як альмавірскі гэрцаг пад час аблогі Толеда з галадоўлі зьеў свайго дзяншчыка не пасаліўшы, пра што гэрцаг сам піша ў сваіх успамінах, апавядаючы, што ягоны слуга меў мяса далікатнае, мяккае і сакавітае, на смак падобнае на нешта сярэдняе між курыцай і асьліным мясам.