— Бачыце: фэльдкурат Матыяш памёр тыдзень таму ў заразным шпіталі ў Брэнэ. Хоць ты гвалту крычы! Не заплаціў мне тысячу восемсот крон ды ідзе ў халерны барак саборваць нейкага чалавека, да якога ніякіх адносін ня мае!
— Гэта быў яго абавязак, мілы чалавек, — сказаў фэльдкурат. — Я тож пайду заўтра саборваць.
— І тож у халерны барак, — зазначыў Швэйк. — Вы можаце пайсьці з намі, зірнуць, што значыць — ахвяраваць сабой.
— Пане палкавы ксёндз, — сказаў настойлівы пан, — дайце веры, я згалеў дашчэнту. Вайна вядзецца, як відаць, затым, каб перавесьці на той сьвет усіх маіх вінавайцаў.
— Калі вас павалакуць на вайсковую службу, — зноў утырыўся ў гутарку Швэйк — мы з панам фэльдкуратам адправім малебен, каб з боскай дапамогай самая першая граната выправіла вас на той сьвет.
— Васпан, я прышоў да вас за сур‘ёзнай справай, — сказала гідра, зьвярнуўшыся да фэльдкурата. — Настойна прашу вас забараніць вашаму дзяншчыку лезьці ў нашыя справы і даць нам магчымасьць іх скончыць.
— Прабачайце, пане фэльдкурат, — адгукнуўся Швэйк — будзьце ласкавы, самі загадайце мне, каб ня лез у вашыя справы, бо іначай я і надалей буду абараняць вашыя інтарэсы, як належыць кожнаму шчыраму салдату. Гэты пан мае сваю рацыю — яму хочацца пайсьці адсюль самому, без староньняе дапамогі. Дый я ня люблю скандалаў — я чалавек далікатны.
— Мне ўжо гэтая справа пачынае дакучаць, Швэйк — сказаў фэльдкурат, нібы не прымячаючы прысутнасьці госьця. — Я думаў, што ён нас пацешыць, раскажа нам якія-небудзь анэкдоты, ягоныя справы, не ўважаючы на тое, што вы два разы ўжо мелі з ім справу. У вечар перад такой важнай рэлігійнай цырымоніяй, калі ўсе пачуцьці свае я павінен узьнесьці да бога, ён чэпіцца да мяне з нейкай недарэчнай гісторыяй пра няшчасныя тысяча дзьвесьці крон, адхіляе мяне ад іспыту майго сумленьня, ад бога і дамагаецца таго, каб я яму яшчэ раз сказаў, што цяпер я яму нічога ня дам. Ня хочу я з ім больш гутарыць, каб не апаганьваць гэтага сьвятога