Перайсці да зместу

Старонка:Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932). Частка 1.pdf/140

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — зазначыў Швэйк, — гэта-ж гідра! Накшталт аднаго Броцшака з Лібні. Восемнаццаць разоў узапар яго выкідалі з піўніцы „Экснэр“, і штораз ён варочаўся, — бач, „забыўся люльку“. Ён лез у дзьверы, у вокны, праз кухню, праз сьцены, праз склеп і, мабыць, спусьціўся-б па коміну, каб яго са страхі ня зьнялі пажарнікі. Такі быў насядзісты хлопец, мог быць міністрам або паслом! Наклалі яму, як мае быць!

Настойлівы пан, не ўважаючы на тое, што кажуць, упарта паўтараў:

— Я хочу высьветліць канчаткова нашыя справы і прашу мяне паслухаць.

— Гэта вам дазваляецца, — сказаў фэльдкурат. — Кажыце, даражэнькі. Кажэце, колькі ўлезе, а мы пакуль што будзем далей банкетаваць. Спадзяюся, што гэта ня будзе перашкаджаць вашай гаворцы? Швэйк, падавайце на стол.

— Як вам вядома, — сказаў настойлівы пан, — цяпер вайна. Я пазычыў вам гэтую суму да вайны і, каб не вайна, так-бы настойліва не спаганяў. Але я ўправіўся ўжо здабыць дрэнную практыку.

Ён выняў з кішэні запісную кніжку.

— Тут у мяне ўсё запісана. Паручнік Яната быў мне вінават семсот крон, але, не ўважаючы на гэта, ён пастараўся загінуць у баі на Дрыне. Падпаручнік Прашэк трапіў у палон на рускім фронце, а ён мне вінават дзьве тысяч крон. Капітан Віхтэрлэ, завінаваціўшыся ў мяне на гэткую самую суму, не спасьцярогся і быў забіты сваімі ўласнымі салдатамі каля рускае Равы. Паручнік Махэк папаўся ў Сэрбіі ў палон, а ён вінават мне паўтары тысячы крон. І ці мала гэткіх. Адзін гіне на Карпатах з незаплочаным мне вэксалем, другі трапляе ў палон, трэці, як на зло мне, топіцца ў Сэрбіі, а чацьверты памірае ў шпіталі ў Вэнгрыі. Цяпер вы разумееце, чаму я непакоюся. Гэтая вайна загубіць мяне, калі я ня буду энэргічны ды неўгаворны. Вы мне можаце пярэчыць, што вам не пагражае непасрэдная небясьпека. Дык зірніце!

Ён тыркануў пад нос фэльдкурату сваю запісную кніжку.