Старонка:Прыгоды Панаса і Тараса (1912).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Нядзеляю у аднэй з вёсак Піншчыны Панас і Тарас, седзячы на прызьбі, гутарылі аб тым, якія дзе жывуць людзі і аб іх звычаях і парадках.

— А ведаеш што? — кажа Панас, — Гэта, што мы тут гаворымо і аб чым баюць старыя людзі, мо і няпраўда. А каб даведацца, як запраўды жывуць людзі на белым сьвеце, лепш во́ што мы зрабем. Дзеці ў нас абодвых дарослыя, з гаспадаркай уходаюцца, могуць ужо абыйсьціся і бяз нашай рады. Мы ўжо адсеяліся, і цяпер якраз такая пара, што нам усё роўна няма чаго рабіць, а коні ў нас таксама ёсьць гуляшчыя, — дык, чым церціся па цянькох, паедзем лепш у белы сьвет паглядзець, як людзі жывуць.

Праўду кажаш, кум, — згадзіўся Тарас, — едзьмо! Толькі зараз-жа трэба і зьбірацца, каб да касьбы і жніўя пасьпець зьвярнуцца да хаты.

Сказана — зробляна.

Разыйшоўшыся па хатах, Панас і Тарас зараз-жа загадалі сваім бабам рашчыніць хлеб і прыгатаваць на аўторак усё патрэбнае ў дарогу.

На другі дзень, пакуль бабы пяклі хлеб і аладкі, білі масла, рабілі сыры і варылі кумпячыну на дарогу сваім дзядом, мужчыны прыбіралі воз, шмаравалі колы, гатавалі аброк, кавалі і кармілі коні, аглядалі запражку.

Згодна прыказцы „едзеш на дзень, а хлеба бяры на тыдзень“, добры гаспадар без адпаведнага запасу ежы ў дарогу ніколі ня выбіраецца. Дык ось, Панас і Тарас, ўлажыўшы ў мяшок па