Старонка:Прыгоды Панаса і Тараса (1912).pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— 25 —

разьмяшалі, пасалілі і ў неўзабаўкі далілі для мазуроў дзеля лепшага смаку і маны большую палову талакна з свае дзежкі.

Добрае вышла талакно! Ядуць мазурэ, хваляць, добрым людзям не надзякуюцца, іх розуму не надзівяцца.

Паехалі Панас і Тарас далей.

Едуць яны, едуць, між сабою гутараць. Піпачкі — пык!-пык!-пык! — папыкваюць. Конікі — трух!-трух!-трух! — патрухваюць…

Пад‘язджаюць яны да ракі. Бачаць, — ні мосту, ні броду. Мост, як відаць, раней быў, але навальніцай зьнясло.

Што тут рабіць? Стаяць, сумуюць. Чакаюць, мо хто над‘едзе, ці надойдзе.

Аж на шчасьце йдуць чатэры мазурэ. Добра, — будзе ў каго спытацца, дзе бліжэйшы мост.

Падыйходзяць мазурэ да ракі. Бачаць, — аж ні мосту, ні броду. А ім трэ абавязкова на другі бок перайсьці.

Сумавалі, сумавалі, круціліся каля ракі, круціліся, — ўрэшце, знайшлі на беразе дзеравіну.

Зараз двоя мазуроў селі на тую дзеравіну, таварышэ прывязалі ім да гэтай дзеравіны ногі і папхнулі ад берагу.

Дзеравіна, якбачыш, круць! — і толькі ногі мазуроў тырчаць над вадой.

А таварышэ іх стаяць на беразе і сьмяюцца.

— Бачыш, кажуць, — трасца іх галаве: яшчэ пераехаць не пераехалі, а ўжо ганучы сушаць!

Скочылі Панас з Тарасам ратаваць людзей, але убачылі, што ўжо не дадуць рады. Так і паплылі мазурэ з вадой.