Перайсці да зместу

Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/95

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Онегінская поза, есенінскія сьлёзы — і да ўсяго гэтага восемнаццаць-дзевятнаццаць гадоў за плячыма (непамерны груз!) і граніт навукі ў тэхнікуме ці унівэрсытэце.

„Жыцьцё само па сабе, а мы самі па сабе“…

А што патрэбна нашаму „чумазаму“? Яго і ў стары час асабліва захапляў самы плаксівы з расійскіх поэтаў — Надсон. Там, дзе грамафон і гітара — там заўсёды асноваю хатняй бібліотэкі служылі „Сонник“, „Домашний лечебник“ і абавязкова блакітны з залатым і чорным цісьненьнем томік (спэцыяльнае выданьне!) Надсона.

На вялікі жаль, нашы маладыя поэты пашлі насустрач эстэтычным вымаганьням новага мешчаніна. Устаноўка на істэрычнасьць, поза, непамерная сьлёзатачывасьць — гэта характарныя адзінкі цэлай генэрацыі маладых поэтаў і пісьменьнікаў. Гэта адзнакі ўнутранага заняпаду маладых поэтаў, якім патрэбна яшчэ добрая нянька і якія не адчуваюць ніякай апоры і ніякага кіраўніцтва. Мешчаніну не падабаецца напамінаньне аб рэволюцыі, аб тым, у які час і ў якой краіне ён жыве. Мешчаніну патрэбна найменшая конкрэтнасьць у поэтычных вобразах, каб, расплываючыся ў іх, ён мог знайсьці адпачынак ад дыямэтральна-процілеглага гэтай расплыўчатасьці жыцьця. І маладыя поэты ідуць яму на службу, растрачваюць сваю маладую энэргію на бязьзьместную, бясформеную лірыку, заражаючыся зусім чужою ім ідэолёгіяй.