Творы Чарота — сялянскага пісьменьніка, найменш ходкімі ў апошні час — творы Пушчы (таксама нібыта сялянскага пісьменьніка) і цэлай пляяды маладых лірыкаў. У чым тут справа? Усе яны — лірыкі, пераважна, усе пішуць на беларускай мове, уся розьніца паміж імі ў ступені мастацкасьці. Але вось лірык Дубоўка піша высока мастацкія вершы (прынамсі так было), аднак яго кнігі ляжаць мёртвым грузам на базе. Апошняя кніжка яго была рэалізавана проста мэханічным спосабам: закупіла ўстанова каля 70 проц. тыражу і разаслала дармова.
На наш погляд, справа тут заключаецца ў першую чаргу ва ўнутраных асаблівасьцях лірыкі. Лірыка, як мова пачуцьця, найменш мае конкрэтных сувязяй з рачаіснасьцю і адкрывае ў сабе найшырэйшыя магчымасьці для самых рознастайных ідэолёгічных напластаваньняў. У кожным поэце вельмі многа індывідуальнага і нельга вымагаць ад яго, каб ён на ўсе паасобныя зьявы глядзеў вачыма сваёй клясы. Вельмі часта на яго робяць уплыў розныя праслоечныя настроі. Іх тым болей, чым слабей сувязь мастака з яго клясаю. Яскраваю ілюстрацыяй гэтага палажэньня зьяўляецца зноў-жа творчасьць Дубоўкі. То шчыры пачуцьцёвы верш, насычаны пролетарскай ідэолёгіяй, поўны пафосу нашай эпохі, як, „Сястрыца, сінявокая мая“. То „Калініншчына“ — няма сталёвасьці і арфазвоннасьці. Нельга параўнаць паміж сабою такія яго творы, як „Плач навальніцы“ і „Наля“.