Старонка:Пра нашы літаратурныя справы (1928).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

зроблены для гучнасьці (а па праўдзе і гучнасьці тут няма). У нас ня вельмі лічацца з сэнсам і праўдзівасьцю. Туман можна зрабіць "буланым", можна раўнаць яго з "залатою пражай" — як толькі ня зьдзекваліся ў нас над гэтым няшчасным туманам. Ня лічацца з сэнсам і пры пабудове сказаў:

І быццам сеюць, —
Зоры сеюць
На гонях шоўкавых нябёс.

Застаецца нявысьветленым, хто каго сее? Калі зоры выступаюць у ролі сейбіта, дык што яны сеюць? А калі зоры тут у вінавальным склоне, дык дзе сейбіт? Гэта даволі характарны прыклад.

Каляровая сьлепата, якая даводзіць да зьдзеку няшчасны туман, ёсьць і ў Труса.

...У залаты вянок
завіваюць сум
росы сінія.

У гэтага таксама і "ўздох зрываецца з душы". Вось зразумейце, хто можа, такую страфу:

Мо' каб сэрца — радасьць,
сэрца ў журавінах
Акрапіла раны
У лісты ў нізінах?

Альбо яшчэ:

І доўга, доўга ў сэрцы чулым,
пад чорнай сьвіткаю, на дне
прыгожы вобраз Марыулы
сьмяяўся ціха, як у сьне.