надаронасьць з талентам поэты. Нам думаецца, што калі ісьці шляхам гэткіх меркаваньняў, дык сьмела можна дайсьці да ўтварэньня асобнага племені поэтаў, пісьменьнікаў, мастакоў ды г. д. Калі гэта рабілася для таго, каб (праз бацьку) зьвязаць поэта з сялянскай масай, дык гэта, на наш погляд, таксама зусім лішняе, таму што як ні кажы, а Багдановіч усё-ж такі быў прадстаўніком выкрышталізаванай гарадзкой інтэлігенцыі, і ніколі ніхто ня лічыў гэтага за ганьбу. І тым большаю хібаю артыкулу зьяўляецца слабое асьвятленьне ўмоў, у якіх працякалі студэнцкія годы Багдановіча. Мы мала ведаем аб тых умовах, якія спрыялі формаваньню ў М. Багдановіча нацыянальнай сьвядомасьці. Мы мала ведаем, якія людзі акружалі Багдановіча ў тыя вельмі важныя для яго разьвіцьця часы. Аднак, у агульным артыкул проф. Замоціна зьяўляецца даволі цікавым.
А. Бабарэка ў канцы свайго артыкулу дадае вывады, якія прадстаўляюць цікавасьць зноў-жа для асьвятленьня узвышаўскага пункту аб выкарыстаньні культурнай спадчыны.
І з дэклярацыйных выступленьняў узвышаўцаў раней і цяпер, і з артыкулаў відаць, як захапляецца „Узвышша“ М. Багдановічам і як вылучае яго ў сваіх сымпатыях сярод іншых беларускіх пісьменьнікаў. Мы пастараемся шляхам абеглага аналізу асобы М. Багдановіча і яго творчасьці выявіць карэньні гэтых сымпатый.