„ВЕЛЬМІ МНОГА СЛОЎ…“
Апошнія гады беларускай літаратуры адзначылі канец яе „дзіцячым гадом“ і палажылі пачатак юнацтву яе. Той факт, што ў нас зьявіліся буйныя па свайму мастацкаму значэньню творы, што беларуская літаратура пачынае, хоць яшчэ нясьмелымі, няўпэўненымі крокамі, выбірацца за межы Беларусі, нарэшце, той факт, што нарастаюць новыя буйныя кадры здольных і моцных новых пісьменьнікаў, — усё гэта паказвае, што беларуская літаратура цьвёрда стала на шлях далейшага разьвіцьця.
Беларускія рабочыя і сяляне пад самым носам буржуазнага Захаду будуюць сваю сельскую гаспадарку, наладжваюць сваю прамысловасьць, разгортваюць культурнае будаўніцтва — будуюць соцыялістычную дзяржаву.
І вось на грунце агульнага гаспадарчага ўздыму краіны пачынае расьці і крэпнуць наша літаратура.