Гэтак скончыў сваё жыцьцё праф. Бр. Эпімах-Шыпіла, — піонэр беларускага адраджэньня, апостал — як некаторыя яго завуць — беларускага народу, апякун беларускай моладзі, ідэовы працаўнік на ніве роднай культуры, гарачы патрыёт, высока-дастойны, глыбока рэлігійны чалавек і ўрэшце, як трапна кажа д-р Т. Грыб, тварэц у беларускім адраджэньні пары "загляне сонца й у наша ваконца", або пары шыпілаўскай, якая паперадзіла пару нашаніўскую.
Вялікім у гісторыі беларускага рэнесансу ёсьць Фр. Багушэвіч, што першы стварыў беларускую нацыянальную ідэолёгію, — няменшы ад яго і — ягоны праз некаторы час сучасьнік — Бр. Эпімах-Шыпіла, што тэорыю Багушэвіча праводзіў у шэрае жыцьцё беларускага народу. Гэтым стварыў ён сабе ў народзе памятнік нерукатворны, да якога вякамі не зарасьце сьцежка травою і які трываць будзе так-жа вякамі...