прыносіў нам сам паводле сваей уласнай волі і на нашу просьбу. Цікавыя і часта рэдкія былі гэта кніжкі, якія ён даставаў ня толькі з Бібліятэкі Унівэрсытэцкай, але з Акадэміі Навук, з Бібліятэкі Публічнай і з прыватных збораў сваіх уласных і іншых.
Так у беларускай усьведамляючай сярод студэнства працы Шыпілы кніжка была апошнім доказам. Пазволю тут сабе расказаць наступны ўспамін. Будучы яшчэ ў Віленскай Духоўнай Сэмінарыі, калі аб Шыпіле нічога я і ня чуў і ня знаў, бліжэй я зжыўся з клерыкам, які называўся Вінцэнты Рыжы. Прыбыў ён да нас у сэмінарыю нешта з трэцяга курсу матэматыкі Пецярбурскага Унівэрсытэту. Дружба мая й прыязьнь з Рыжым была-б сапраўды поўнай, каб не адна "дробная" рэч - ён лічыў сябе стопрацэнтным паляком, а я сябе гэталькіх працэнтаў беларусам. Разумеецца, былі ў гэтай справе частыя, часам дужа доўгія і гарачыя спрэчкі, у якіх я з усіх сіл няраз стараўся праканаць Рыжага, што і ён беларус, аб чым між іншым мела сьведчыць і тое, што паходзіў ён з Віцебшчыны. На гэта мне раз казаў Рыжы: - Ды адчапіся, усё роўна ты мяне не пераканаеш, мяне ня гэткія пераконвалі і то нічога; за мной у ўнівэрсытэце проста па пятах хадзіў Шыпіла, даказваючы, што я беларус, а калі я аставаўся пры сваей польскасьці, ён на разьвітаньне звычайна торкаў мне якую кніжку аб беларусах і казаў: а ўсёждыкі прачытайце, цікавая рэч, пераканаецеся! Але ўсё гэта Шыпіла рабіў дужа асьцярожна і далікатна, ня так, як ты — канчаў Рыжы свой зусім прыпадковы ўспамін аб Шыпіле.
Вынік такой працы прафэсара Шыпілы