Старонка:Пракосы напамяць (1932).pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Нэрвы напружаны, кожны крок,
Як ашалелае кулі скок.
Трэйцяя ноч за вакном стаіць,
Трэйцюю ноч старшыня ня сьпіць.

Гэтая ноч, як варожы стан,
Ў небе прастрэленым сотні ран.
Там за ярамі, дзе сьнежны прост,
Спушчан чарговы цягнік пад адкос,
Дрот перарэзан, і заўтра фронт
Будзе бяз хлеба і без патрон.

Ліпне да шыбін густая муць.
Хіба ты можаш, чэкіст, заснуць?
Хіба ты можаш спыніцца, кроў?
Тысячы ворагаў рыюць роў.
А за сьпіною на кожны крок
Ноч настаўляе кулацкі зрок.

Мерзьне на вуліцы сумны слуп,
Крокі падлічвае хрыплы хруп.
Тут на рагу неадменны пост —
Варту нясе малады матрос.
Побач, на водшыбе, шумны дом —
Чонаўскі штаб, былы губком.

Тут на сталох пачародна сьпяць,
Тут не шкадуюць жыцьцё аддаць,
Каб рэволюцыі заўжды жыць,
Каб не маглі яе ў ноч задушыць.
Кожны на почаку тут, а там…
З бандаю ходзіць ліхі атаман.