Гэта старонка была вычытаная
Паднімаўся з вады,
І хоць-бы што, галалобы…
Я накідам песень ахутаў душу
І слова прабую на сэрца…
Я тысячу песень яшчэ напішу
Пра моладасьць нашую, верце.
І покуль за вокнамі ходзіць суцень,
Ляжыць ціхата па лагчынах —
Я песьню гадую, і песьня расьце,
Як досьвіт, як сам я магчыма.
Мне цяжка зьмясьціцца:
Ў калёнцы такой,
Мне гэтае плошчы замала…
..............
..............
Мой самы маленькі на сьвеце пакой
Па вушы паперай завален.
Яго я
Бяру у лірычны палон.
Хай ломіцца ў шыбіны месяц,
Мне трэба распаліваць вогнішча слоў,
Каб выкаваць дужую песьню.
Мне трэба яе
Дабяла распаліць,
Каб моладасьць біла зарадкай…
(І гэта ня проста пяром павадзіць,
Каб потым папляскалі ў ладкі).