Старонка:Пракосы напамяць (1932).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАГРАНІЧНІКІ

Два слупы,
Невялічкая сьцежка,
Дзьве сасны і расьцягнуты дрот —
Дзён мінулых нязбытая рэшта.
Скрыжавалася тут ля дарог.
Тут мяжа,
Тут бяссонная варта,
Там варожыя ходзяць пасты,
Там вятры між дарог вілаватых
Засыпаюць сьнягамі пустыр,
Толькі месяц
Між хвоек высокіх,
Нібы коршак, віецца ў цішы…
І чутны асьцярожныя крокі
На сярэбраным сьнезе мяжы.
Вартавы на пасту
Не таварыш,
Стрэльба зноў нагатоўку: Стой!..
І збліжаюцца крокі з аддаляў
Ў пераклічцы напружанай: свой!
Ноч заўсёды прыносіць трывогу, —
Кожны куст, як варожая здань,
Тут зышліся крывыя дарогі,
І ў сьнягох прытаілася даль.