Старонка:Пракленашы (1913).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нінька пачалі пірабіраць ножкамі. Але ня доўга прышлося Якубу любавацца скокамі пракленашаў, скора запіяў першы пятух і яны, як зьявіліся, так і зьніклі таемна, а за гэтым і агонь сам сабой загас. Якубу больш нечага было рабіць і ён, ціханька зьлезшы са страхі, пашоў да хаты.

Прышоўшы ў хату і запаліўшы лучыну, Якуб разбудзіў усіх хатніх, дастаў з бажніцы крыжок, паставіў яго на стол і запаліў грамнічную сьвечку. Жонка з дзяцьмі спрасоньня нічога не разумелі і думалі, што бацька пэўне сірбануў лішнюю чарку — аж розум у яго памуціўся, але зараз абачылі, што той саўсём быў цьвярозы, бо вось што прамовіў да ўсіх:

— Прысягніце ўсе, што ніхто з вас нікому ніколі не скажыць пра тое, што учуіць ад мяне.

— Што ты, Якуб, здурнеў, ці што? Ціж можна бажыцца незнаючы, што ты скажыш? — атказала жонка,

— А ўсё-ж тыкі ты павінна прысягнуць, што не размеліш сваім бабскім языком пра вялізнае шчасьце, што да нас прышло, бо ніхто не павінін ведаць пра яго.

Цікавы на ўсё Янка падыйшоў да стала першым і сказаў:

— Бажуся нікому нічога не гаварыць пра тоя, што ўчую ад бацькі, пірахрысьціўся і пацалаваў крыжык.