Старонка:Праграма беларускай мовы для народнае школы (1941).pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАЯСЬНЕНЬНІ ДА ПРАГРАМЫ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ.

Вывучэньне беларускае мовы ў народнай школе мае адукацыйнае і ўзгадаваўчае значэньне. Адукацыйнае значэньне вынікае з азнаямленьня вучняў з уласьцівасьцямі роднае мовы, набыцьця імі фактычных ведаў у гэтай галіне і з практычнага ўладаньня беларускай мовай — вуснай і пісьмовай, як у штодзённым ужытку, так і пры чытаньні твораў мастацкай літаратуры.

Вывучэньне роднай мовы мае на мэце найвялікшую справу — узгадаваньне нашай моладзі ў нацыянальным кірунку. Выкладаньне роднай мовы павінна давесьці нашу моладзь да нацыянальнай сьвядомасьці, разьвіць у ёй глыбокае пачуцьцё любасьці і пашаны да сваей Бацькаўшчыны, як роднай маці; разьвіць у моладзі асалоду прыгожасьцю і мілагучнасьцю сваей мовы; адчуць маляўнічае хараство роднай прыроды, любіць сваю культуру і яе носьбіта — беларускі народ.

Усё гэта ставіць родную мову ў вылучнае палажэньне сярод іншых школьных прадметаў.

Навучаньне мовы складае адзіны працэс, які праходзіць праз увесь курс школы, прычым паасобныя бакі навучаньня накіраваны да таго, каб дасягнуць агульных мэтаў, аб якіх гаварылася вышэй.

Праграма навучаньня беларускай мовы ў народнай школе ў асноўным пабудавана на разьдзелах:

1. Чытаньне і пісаньне.

2. Граматыка ў сувязі з правапісам.

3. Разьвіцьцё вуснай і пісьмовай мовы.

4. Літаратурны матарыял курсу народнай школы.