Старонка:Правапіс беларускай мовы (1934).pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

14. Злучэньне «тр», «др» у канцы слоў іншамоўнага паходжаньня перадаваць бяз зьмен: метр, літр, барометр, дыяметр.

15. Словы іншамоўнага паходжаньня, як «пролетарый», «барый», «алюміній», якія раней пісаліся з канчаткамі «ы», «і», або зусім без канчаткаў, - пісаць з канчаткамі «ый», «ій» і скланяць як беларускія назоўнікі тыпу «май».

16. Словы, як комуніст, соцыяліст, марксіст, пісаць без канчатку «ы» і скланяць не як прыметнікі (комуністага, комуністаму), а як назоўнікі тыпу «брат» - комуніст, комуністу.

Правапіс уласных імёнаў, прозьвішчаў і геаграфічных назваў.

17. Імёны іншых моў і геаграфічныя назвы пісаць з захаваньнем асаблівасьцяў той мовы, з якой яны ўзяты, але падпарадкаваць наступным правілам беларускага правапісу :

а) аб аканьні ( з захаваньнем «э», «е»): Чэрнышэўскі, Шэўчэнка, Плеханаў, Жэлезноў, Ноўгарад, Егор'евск;

б) аб напісаньні галосных пасьля зацьвярдзелых зычных: Чэлябінск, Жытомір, Чыстаполь, Чэрэпавец;

в) аб дзеканьні і цэканьні, калі зычныя «д» і «т» зьяўляюцца мяккімі ў іншай мове (Дзержынскі, Владзівасток, Дзюрынг);

г) правілам аб пераходзе «в» ў «у» на канцы складаў: Молатаў, Варашылаў, Кіеў, Каўказ;

д) імёны іншых моў і геаграфічныя назвы не перакладаць як у поўным напісаньні, так і ў скарочаным, і пачатковае «о», «в», «т», «сч» перадаваць праз «о», «в», «т», «сч»: Іосіф Вісарыёнавіч Сталін, І. В. Сталін, Орджонікідзе, Терахаў, Владзікаўказ;

е) уласныя асобныя беларускія імёны пісаць паводле жаданьня іх носьбітаў : Васіль або Базыль, Осіп або Язэп, Іван або Янка, Міхаіл, Міхал або Міхась.

МАРФАЛЁГІЯ. 18. Назоўнікі мужчынскага роду ў родным склоне адзіночнага ліку пісаць пераважна з канчаткамі «а», «я»: завода, цэха, трактара, інстытута, сацыялізма, універсітэта, правапіса, але: жалю, болю, гаю, лесу, краю, цэменту.

19. Выключыць паралельныя формы «ом», «ох» у назоўніках мужчынскага і ніякага роду ў давальным і месным склонах множнага ліку: пісаць: кіраўнікам, аб кіраўніках, братам, аб братах, гарадам, аб гарадах, плячам, аб плячах.

20. Уніфікаваць залежныя склоны лічэбнікаў: два і дзве, абодва, абедзве; для ўсіх трох родаў пісаць: двух, абодвух; двум, абодвум, двума; абодвума; на двух, на абодвух.

21. Выключыць паралельныя формы дзеясловаў на «яце», «іце» першага спражэньня цяперашняга часу другой асобы множнага ліку, пісаць толькі: працуеце, чытаеце, ідзеце, вядзеце, нясеце.

22. Загадны лад дзеясловаў множнага ліку пісаць толькі: станьма, кіньма, станьце, кіньце, бярыце, нясіце.

23. Увесьці ў беларускі правапіс дзеяпрыметнікі незалежнага стану, асабліва калі яны азначаюць сацыяльны сэнс, напрыклад, пануючы клас, а не пануючая кляса, ці кляса, якая пануе.

Прапанаваць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Беларускай Акадэміі Навук распрацаваць адпаведнае правіла ў новым правапісе.

24. Даручыць Народнаму Камісару Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук тэрмінова ўпарадкаваць правілы беларускага правапісу на падставе гэтай пастановы і выдаць правапіс асобным выданьнем.

25. Усе ўрадавыя выданьні, перыядычныя газэты, часопісы і непэрыядычныя (навуковыя працы), зборнікі і г.д., усе дзяржаўныя дакуманты і паперы на беларускай мове павінны з 15 верасьня 1933 году друкавацца згодна новага правапісу, прадугледжанага гэтай пастановай.

26. Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы правесьці неабходныя мерапрыемствы і забяспечыць перавод работы, школ і культурна-асьветных устаноў на новы правапіс.

27. Даручыць Народнаму Камісарыяту Асьветы і Прэзыдыуму Беларускай Акадэміі Навук арганізаваць сыстэматычную навуковую работу па далейшым разьвіцьці і ўпарадкаваньні беларускага правапісу, усёй граматыкі і тэрміналёгіі, таксама арганізаваць новае выданьне беларуска-рускіх слоўнікаў, вытраўляючы з беларускай мовы ўсялякія буржуазна-нацыяналістычныя плыні і скажэньні.

Старшыня Савету Народных Камісараў БССР М. ГАЛАДЗЕД.

Кіраўнік спраў Савету Народных Камісараў БССР С. КАНДЫБОВІЧ.

26 жніўня 1933 г.

г. Менск