Перайсці да зместу

Старонка:Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мела мала хлеба. Калі Літоўска-Беларускі ўрад павінен быў зрабіць у канцы дваццатых гадоў XVI сталецьця пэўныя гаспадарчыя мерапрыемствы і забясьпечыць хлебнымі запасамі наўзьмежныя замкі, дык хлеб высылалі з Уцены, з Ушпольля, з Пенян, з Браслаўлю, з Анікшт, урэшце, з Панеманскіх двароў[1], дзе сельска-гаспадарчая культура дала ўжо значныя вынікі і дзе сельска-гаспадарчая продукцыя дасягла пэўнага разьвіцьця, дзякуючы чаму магчыма было вывозіць хлеб у больш далёкія мясцовасьці, у якіх заўважалася нястача ў хлебе. Аднак, ня гледзячы на ўсе адмоўныя якасьці глебы, сельска-гаспадарчая культура, у XV і XVI сталецьцях, няўхільна разьвівалася ў Полацкай зямлі. Актавыя дакуманты, якія захаваліся ад тых часоў, даюць магчымасьць заўважыць досыць значную мобілізацыю зямельнае ўласнасьці[2]. Такое імкненьне да зямлі было выклікана гаспадарчымі меркаваньнямі і сьведчыла аб разьвіцьці сельска-гаспадарчае культуры. Полацкія зямляўласьнікі імкнуліся павялічыць памеры свае зямельнае ўласнасьці шляхам атрыманьня ад вялікага князя пусташы на векі-вечныя і з правам «отдати, продати и заменити ку своему житочному и лепшему обернути» так, як сам зямляўласьнік знойдзе найбольш карысным, — «налепей разумеючи»[3]. У меру разьвіцьця сельска-гаспадарчае культуры павялічвалася і залежнасьць сялянства, якое жыло на прыватна-ўласьніцкіх землях; сялянства, звычайна разам з зямлёй і рознай аромінай, аддавалася ва ўласнасьць прыватнай асобе і экономічна эксплёатавалася.

Таксама ня гледзячы на разьвіцьцё сельска-гаспадарчае культуры, эксплёатаваньне лясоў і лясных багацьцяў было вельмі пашырана на тэрыторыі Полацкае зямлі. Апісаньне Полацкае зямлі, якое было зроблена ў 1552 годзе, дае матар’ял, які сьведчыць аб экономічным яе стане. Весткі з Полацкае рэвізіі зьяўляюцца матар’ялам, які дае малюнак папярэдняга экономічнага разьвіцьця краю. У гаспадарскіх пушчах ішло шырокае эксплёатаваньне лясных багацьцяў — палілі попел. Звычайна, увесь выраблены попел сплаўлялі па Дзьвіне да Рыгі[4]. На працягу двох апошніх год перад рэвізіяй 1552 году ў гаспадарскіх пушчах выпалілі 390 лаштаў попелу.

Пры гаспадарскіх дварох і замках былі яшчэ сенажаці, якія касілі мясцовыя цяглыя людзі; сенажаці гэтыя назначаліся на патрэбы гаспадарскага двара. Роўным чынам, рыбацтва, на патрэбы замку і двара, а таксама паляваньне былі звычайнай павіннасьцю насельніцтва[5]. Гаспадарскія двары мелі сваю асобную ворную зямлю, на якой працавала мясцовае цяглае насельніцтва[6]. Насельніцтва воласьці, якое жыло як на мяшчанскіх, гэтак і на баярскіх землях, займалася земляробствам. Звы-

  1. Акты Литовско-Русского государства, изданные М. В. Довнар-Запольским. Выпуск 1 (1390—1529). Москва, 1890, № 197. (Далей прыводзяцца скарочана «Акты Лит.-Русск. государства»).
  2. Акты Литовской Метрики, собранные проф. Ф. И. Леонтовичем. Т. I. [Вып. 1 (1413—1498), Варшава, 1896 (№ 1 — № 427) і Вып. 2 (1499—1571), Варшава, 1897 (№ 428 — № 775)], №№ 322, 340, 341, 344, 542 і іншыя. (Далей прыводзяцца скарочана: «Акты Литовск. Метрики»).
  3. Ibid., № 542.
  4. Літоўская Мэтрыка. Кніга Запісаў XVI, ліст 128 адвар. і 129. (Далей прыводзіцца скарочана: «Кніга запісаў XVI»)
  5. Полоцкая ревизия, стар. 58, 68 і іншыя.
  6. Ibid., стар. 64, 72.