Перайсці да зместу

Старонка:Полацкая зямля ў пачатку XVI сталецьця.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чайна зямляўласьнікі атрымлівалі пэўную частку ўроды, калі насельніцтва займалася сельскаю гаспадаркаю, а таксама — дадатковы прыбытак сельска-гаспадарчымі продуктамі. Шырокія гушчы валаснога насельніцтва, вядомыя пад назовам даньнікаў, плацілі сваім уласьнікам так званыя дані, звычайна, — натураю. Асабліва былі пашыраны так званыя мядовыя, кунічныя дані.

Гарадзкія жыхары займаліся гандлем і рамесьніцтвам. Гэтым правам карысталіся ня толькі гарадзкія жыхары, у звычайным сэнсе гэтага слова, але і насельніцтва, якое жыло ў прыватна-ўласьніцкіх дварох, калі толькі яны выплачвалі, разам з гарадзкімі жыхарамі, сярэбшчыну і ардыншчыну[1].

Гаспадарчым цэнтрам Полацкае зямлі быў горад Полацак. Прывілей на Майдэбоскае права, які быў дараваны Полацку 7 кастрычніка 1498 году, дазваляў гораду мець на год тры кірмашы, прычым кожны з іх павінен быў цягнуцца ня больш як два тыдні. Кірмашы прызначаліся для гандлёвых умоў з замежнымі купцамі, бо ніводзін замежны купец ня меў права ні купляць, ні прадаваць тавараў, апроч як у дні, у якія былі кірмашы. Замежныя купцы мелі права купляць, дый то толькі гуртам, воск, або скуры наступных зьвяроў: саболя, куніцы, вавёркі, гарнастая, лісіцы, а таксама попел і смалу. Усё можна было закупляць толькі на месцы, а ні ў якім разе ня ў «лесе, а ни в борех, а ни в селах». З свайго боку замежныя купцы прапанавалі на продаж: "сукна поставом, соль лаштом; перец, имбер, микдалы и иншые зелья простые каменем; шафран, мушкаты, гвоздики, квет мушкатовый, кгалкган, цытвар и иншые зелья дорожшие — фунтом; секиры, ножы, и иншые речи таковские тахром або в тузину; железо, олово, медь, цынк, мосяж и иншые речи таковские цейтнаром; фиги, розынки кошем, вино какое колвек и пиво немецкое и иншее питье чужое бочкою целою[2].

На палову XVI сталецьця Полацкая зямля была ўжо вельмі значна ўцягнута ў таваразварот. Насельніцтва, якое жыло на прыватна-ўласьніцкіх землях, выплачвала пэўную частку сваіх падаткаў грашыма, бо яно атрымала магчымасьць мець гэтыя грошы ў выніку беспасрэднага ўдзелу ў гандлі шляхам прапанаваньня на продаж тых продуктаў, на якія быў найбольшы попыт з боку замежнага купецтва. Аб пашыранасьці замежнага гандлю сьведчыць запіс аб прыбытках Полацкае каморы, які захаваўся дагэтуль (адносіцца да пачатку XVI сталецьця). Гэтак, на працягу двох год было адаслана за межы: у першы год 14.411 камянёў воску і 4.812 — у другі год, а ўсяго 19.223 камяні воску[3]. Звычайна, у часе адсылкі воску за межы, зьбіралася мыта, але вялікі князь мог дазволіць і бязмытны вываз, што, зразумела, было не агульным правілам, а адступленьнем. Воск ня толькі скуплялі на месцы дзеля адсылкі за межы, але скуплены воск адсылалі ў Вільню, дзе мясцовыя васкоўнікі павінны былі «чыніць лічбу» перад гаспадарскім маршалкам[4].

Весткі аб мытных паступленьнях зьяўляюцца, да пэўнае ступені, паказальнікам унутранага таваразвароту. На жаль, яны вельмі няпэўны, але, ня гледзячы на гэта, яны захоўваюць сваю моц і значэньне.

  1. Акты Зап. России, т. II, № 70.
  2. Ibid., т. I, № 159.
  3. Акты Лит.-Русск. государства, № 122—124.
  4. Ibid., т. I, № 98.