Старонка:Плынь (1927).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Гэта-ж толькі халодная па́ра,
Што ўзьнялася ад сонца з-пад мора.
Туманы бяз выразу, бяз твару,
Што нясуцца ад ветру пакора.

Во гара распаўзлася у хмару,
А званіца у попел крышыцца,
І няма сухадолу, папару,
І ўсё царства па ветру імчыцца…

Ўскалыхнулася парай, ўзьнялося,
Расплылося, што моцна стаяла, —
Бо варушыць стыхія і косіць,
Што калісьці сама ўзбудавала.

Але, пэўна, дзе-небудзь далёка
Зноў згуртуюцца стромкія горы.
Паглядзіць, паглядзіць на іх вока,
На спрадвечныя горы-узоры, —

А пабачыць: ні гора, ні суму!
На душы толькі цень ад задумы,
Толькі вочы, як тыя ахвяры,
Толькі думкі, як зельле ў папары.

1921 г.

◆ ◆ ◆

|}