Старонка:Плынь (1927).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАДОБНАСЬЦЬ

Я сягоньня глядзеў з па-над мора,
Аблакоў як грамады чакалі.
Як угледзецца: горы ды горы
І ідуць, і ідуць, як паўсталі.

На душы ані хмары, ні гора,
Толькі думкі плывуць дзесь глыбока,
Ўсьлед за воблакам, ў неба ад мора,
Нешта бачыць там земнае вока.

Яно бачыць ў гарах сухадолы,
Лугавіны, равочкі, зіяньні,
Беласьнежныя долы-купо́лы,
А у іншых, — ні твару, ні званьня!

І жывуць, і пануюць грамады,
Нібы тамака нехта будуе:
То званіцу ўзьвядзе, колёнады,
То ізноў раскідае, зруйнуе.