Перайсці да зместу

Старонка:Плынь (1927).pdf/71

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І ён схіліўся, няпрытомны,
Здаецца, пальму абхапіў,
Пустыні зыбкай сын патомны,
Здаецца, вільгаці адпіў…

Аж не! То марава пустыні,
Паветра перагрэты дух,
Адбітак праўды бледна-сіні,
Праменьняў ценкіх вольны рух!

І смокчуць вусны камень голы,
І сьлёз няма ў сухіх вачох, —
Наўкол папаленыя долы,
З грудзей пустыні цяжкі ўздох!..


∗     ∗

Часамі марава каханьня
На сьцежцы жыцьця узрасьце,
Крыві адвечнае паўстаньне
Чырвонай кветкай зацьвіце…

Прывабяць вочы, як крыніца,
Як пальмы цень, панадны створ.
О, вусны дай! О, дай напіцца!
Каханьня дай жывы узор!