Старонка:Плынь (1927).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ДЗЯЎЧЫНЕ

Не глядзіся ты ў вочы мае:
Ты загубіш спакой у той час;
Бо праз вочы глыбінь дастае,
Хто зірне ў мае вочы хоць раз!

Ты загубіш вясёласьць гадзін,
Не пракоціцца болей твой сьмех, —
Запаную ў крыві — я адзін
Ды мой голас — над рэхамі рэх.

Жах ня ў тым, што табе палюблюсь,
Што кахаці мяне ты пачнеш,
Але ў тым, што я сам запалюсь,
Што на крыж ты мяне ажагнеш.

Што ад яскарак ясных тваіх
Пойдзе выбухам склеп порхавы
І падхопіць ён нас абаіх,
Той магутны вулькан агнявы.