Старонка:Плынь (1927).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Што ні галінка, то роман, —
Прыроды радасны дурман.
І што ні сэрца, то жаданьне,
А ў вочку кожным — запытаньне:
Дзе праўда сонца, дзе падман?

Ляціць ўсьцяж неба караван
З краін папаленых саван,
Ляціць да нас на гнездаваньне,
Каб тут зьмяніць сваё убраньне
І сьпевы кінуць на дзірван…

Але-ж за ўсё прывабней сьпеў:
Ў якім пабеда ёсьць і гнеў:
То гімны працы і паўстаньня,
Грамад магутных згуртаваньне
І сьцягаў безьлічны павеў!

Хто весну ўчуе, той п‘яны
Ад гэнай радаснай маны.
І асабістыя блуканьні
Пяройдуць хутка у зьліяньне,
У творчы сьпеў жывой вясны!