Старонка:Плынь (1927).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

РОДНАЯ ПУШЧА

(Паўстанцкая)

Родная пушча, здарова бывай!
Пушча старая — паўстанцаў ахова:
Ноччу абходзім мы Слонімскі гай.
Ціха, малойцы, — умова!

Плыткая Шара — ня межа для нас.
Хутка ўжо, хутка дзяржавы граніца;
Моцна гранаткі трымае паяс;
Добра пад хвойкаю сьпіцца!

Досыць пужалі мы гэтых панкоў:
Проці паўсотні пяць тысяч наслалі.
Раз абкружылі з усіх нас бакоў,
Але-ж мы жару падалі:

Пане палкоўнік у Несьвіж уцёк,
Тыдзень дрыжэў навагродзкі староста,
Можа спаткаемся з вамі, панок, —
Дык пагаворым папросту!