— Ну, што? ня сумуеш? — было яго першым запытаньнем.
На гэта Каця расьсьмяялася самым непадробным заразьліва-вясёлым сьмехам.
— А ты ня сумуеш? — запыталася яна ў яго якраз у той момант, калі ён, толькі-што пасьля сну, праціраў вочы.
— Не, ня сумую, — адказаў ён, і яны абое расьсьмяяліся да нясутрыму. Вясёлы, жыцьцярадасны настрой ужо не пакідаў іх праз усю дарогу.
К сёмай гадзіне прыехалі ў гор. М…
Да Веры прышлі раней, чым тая пасьпела пайсьці на службу.
— Ого?! Сёньня, значыць, маю шчасьце мець гасьцей? — так спаткала Вера Валодзю з Кацяй, — вельмі рада!
— Ня радуйся наперад, — напалову жартаўліва адпёр Валодзя.
— Чаго-ж?
— Папершае, маеш права нас заарыштаваць, бо мы ўцекачы…
— Як-та?
— Зусім папросту: сабраліся ноччу і бяз ведама належных улад, г. зн. бацькоў, прыехалі сюды…
— Жартуеш?
— Да не!.. — урэшце сур‘ёзна адказаў Валодзя.
Вера зацікавілася.