Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што? ты ня сьпіш, Каця? — скрозь сон запытаўся Валодзя; перавярнуўся на другі бок і зноў заснуў.

— Не, ня сьпіцца.

Прад сьвітаньнем заснула і Каця.

Прачнулася.

За вакном з саладкім заміраньнем пацягвалася раніца. Даль купалася ў раскошнай сіняве нябёс. Агнёва-залатое сонейка, нібы пятнаццацёхгадовая дзяўчынка, хвіліна ад хвіліны саромліва закрывалася ад цікуючага вока багатым залататканым адзеньнем з лёгкіх белых хмарак і пасьпешна вымывала твар і вочкі ў гладкіх, як люстра, рэчках і залівах.

Каця прачыніла вакно і высунула галаву на сьвежае паветра. Было так лёгка, прыемна і вольна дыхаць!

Ёй здавалася, што яе грудзі разрастаюцца бязьмежна, момант ад моманту ўсё больш і больш грузьнеюць і мацнеюць мускулы ўва ўсім целе.

— Эх, як прыемна жыць на сьвеце! — радасна думала яна, — цяпер толькі-б у школу папасьці, а там: на колькі хопіць сіл працаваць, вучыцца і працаваць!.. Што дом: бацька й матка? што Коля? — гэта — мінуўшчына!

— А будучына там, недзе ўперадзе: у змаганьні, у працы!..

Прачнуўся Валодзя.