Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

стаць Колі. Яго вечна смутны твар і выраз вачэй ужо не захопліваў яе; нават нейкая агіда да яго нарадзілася ў яе душы.

— Што-ж? раней кахала; цяпер — не; гэта дробязь мяне ня можа спыніць на жыцьцёвым шляху! Іх ня мала такіх!..

— Другая справа — Валодзя!.. Гэты хоча мне волі, шчасьця!.. Уцяку з дому — буду пакуль што вучыцца, а там, дый заўсёды, свабода!

— Але калі ўцячы з дому, і як?.. Абяцаў дапамагчы Валодзя… А калі ён гэтага ня зробіць: ну, проста, ня будзе яму як дапамагчы? што тагды?… але — напляваць!… ня падай духам!

Каця прытка ўсхапілася з месца, адкінула ў бок на стол кнігу і пачала пакручвацца па хаце, насьвістваючы якуюсь мэлёдыю.

— Гэ-кхэ, гэ-кхэ!… — штучна і сярдзіта раскашляўся на печы бацька, зачуўшы высьвістваньні дачкі, — павар‘яцелі вы ўжо, ці што?! Нікога перад сабою ня маеце!.. Гадаўё вы!.. спакойна веку не дасьцё дажыць!..

Каця супакоілася. Злы тон бацькі яе больш зьдзівіў, чымся абразіў. Раней, — што-б яна ні зрабіла, ён ніколі яе ня лаяў, а толькі ўгаварваў, настаўляў. Прычыны яго кепскага настрою яна ня ведала.

— Вам, татачка, можа баліць што? — спачуваючы запытала яна ў бацькі.