Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Выбачайце, — зьвярнуўся ён раптам да мяне, — ці няма ў вас, часам, чаго перакусіць?.. есьці хочацца…

Я даў.

На некаторы час ён цалком аддаўся ядзе. Рот яго так пільна працаваў, што хвілінамі станавілася страшна за яго язык і горла. Хутка ад яды не засталося й пылінкі. Пасьля к столі зноў узьнялася цэлая хмара махорачнага дыму.

— Вы цяпер, значыць, дома гаспадаркай займаецеся? — запытаўся я ў яго.

— Не…

— А як-жа?

— Нічым… Працаваць не магу… жыцьцё давіць. Бачыце, справа вось у чым: гаспадаркай я ніколі не займаўся, да фізычнай працы ня прывык (рэч нялёгкая), а хаця-б і здолеў працаваць, — дык у вёсцы ўсё роўна ня ўжыў-бы: працуй, як чорны вол, а ўвесяленьняў ніякіх няма, дый публіка неачэсаная: лысым валом там больш цікавяцца, чымся Гётэ, або Шэксьпірам.

— З арміі я прыехаў дадому ў самы росквіт вясны… Прыгожасьць, брат, якая!.. Лясы апрануліся ў маладое зялёнае лісьце. Ад ранку да цямна птушкі расьпяваюць, купаючыся ў блакітна-зьзяючым паветры. На душы спачатку было паспакайнела, але скора мяне зноў сум агарнуў. У душы ўваскрос вобраз Гані (я быў забыўся крыху на яе).