Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Другі раз, бывала, прыдзе на якую гадзіну прасьвятленьне ў маю змучаную душу, але яно толькі яшчэ больш прыносіла мне мучэньняў. Пасьля такіх прасьвятлёных хвілін я яшчэ з большаю запальчывасьцю вар‘яцеўся.

— Хто я такі? — заўсягды мучыла мяне пытаньне.

— Змагацца? але за кого? Можа на сьвеце існуе асобная вышэйшая праўда, зусім непадобная да чалавечай праўды, дык дзеля чаго-ж тады змагацца за гэту маленькую чалавечую праўду? А гэта вышэйшая, найчысьцейшая праўда павінна быць, бо чаго-ж тады варта было-б усё жыцьцё наогул?

— Яно ня варта тады было-б чалавечай крыві, яго мучэньняў, — адказаў ён сам сабе і раптам зьвярнуўся да мяне: — Ну, як вы думаеце, гэта хіба нікчэмныя пытаньні?..

Я не адказаў нічога.

— Ну, вы як сабе хочаце думайце, — разважаў далей Адам Арцёмавіч, — а я не магу згадзіцца з тым, што жыцьцё толькі матэрыя і рух, нешта такое маленькае й просьценькае, што можна будзе ў канцы-канцоў выразіць у некалькіх формулах — ўсё гэта глупства!

Адам Арцёмавіч не на жарт распрамоўнічаўся. Доўгія валасы яго ўжо даўно трасьліся над яго вачыма. Шапка заліхвацкі зьехала на патыліцу. Але ён ні на што не зварочваў