Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/116

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з невядомай крыніцы па прасторы бесьперапынку лятаюць электрамагнітныя хвалі, напамінаючыя хвалі, якімі Марконі карыстаецца для свайго бяздротавага тэлеграфу. Гэтыя хвалі даляталі да зямлі і цэлы шэраг вучоных спрабавалі вынайсьці апараты для прыёму і запісаў таямнічых хваль, хоць толькі нямногія бачылі ў іх весьнікаў з іншых плянэт. Да такіх нямногіх належаў містер Уэндыг.

Зробленыя містэрам Уэндыгам прыборы для запісу ледзь прыкметных электрамагнэсавых хістаньняў да зьдзіўленьня орыгінальны і дасьціпны. Гэтыя прыборы былі ўстаноўлены за месяцы два да спроб Кавора наладзіць зносіны з зямлёй.

Можна сабе ўявіць, як быў зьдзіўлены містэр Уэндыг, калі ён заўважыў, што сярод запісаў электрамагнэсавых хваль мільгае чыста ангельская мова. Містэр Уэндыг нічога ня ведаў аб нашым вандраваньні на месяц, і раптам… ангельская мова з міжплянэтнага прастору.

Я ня ведаю, якім чынам Кавор ухітрыўся пасылаць гэтыя весткі. Напэўна, што дзе-небудзь у нэтрах месяца яго дапусьцілі да ўдасканаленых электрычных апаратаў і ён змог скомбінаваць іх у нешта падобнае на прыбор Марконі. Гэтым прыборам ён карыстаўся часам на працягу трох ці чатырох гадзін без перапынку. Тады ён пасылаў на зямлю свае весткі, ня маючы на ўвазе таго становішча, якое зямля і месяц займалі адносна адно аднаго. У выніку гэтага, весткі Кавора атрымліваліся вельмі нерэгулярна.