Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У мяне мільганула жудасная думка.

— Гэты пракляты хлапчук! — закрычаў я, і стралою выляцеў з пакою. Я забыў аб сваёй зморанасьці і да берагу імчаўся вялізарнымі скачкамі.

Мора, якое толькі што ляніва каціла спакойныя хвалі, цяпер бялела лахматымі грэбнямі, а навакол таго месца, дзе толькі што ляжаў балён, літаральна бурліла, як пад вінтам параходу. Далёка на небе відаць была хмарка, якая шпарка зьнікала, — гэта было ўсё, што напамінала аб балёне! З усіх вакон выглядвалі зьдзіўленыя твары. У дзьвярах паказаліся людзі, якія сьпяшаліся да берагу.

Я стаяў зусім зьбіты з панталыку і нічога ня мог уявіць.

— Паслухайце! Гэта страшэнна! — замармытаў каля мяне маленькі чалавек. — Гэта-ж азначае… што вы казалі праўду наконт месяца…

Я кінуўся ў готель, паклікаў служку, загадаў прынесьці золата ў мой пакой, замкнуў дзьверы на ключ, кінуўся на ложак і пачаў абмяркоўваць усё тое, што здарылася.

Наш вопыт скончыўся поўнай няўдачай. Мы пацярпелі поўнае паражэньне, з якога жывым вышаў толькі я. Трэба было разьвітацца з марамі аб звароце на месяц, аб прывозе адтуль золата, аб аналізе каворыту і г.д.

Я застаўся зусім бездапаможным.

Вядома, было зразумела, што здарылася з хлапчуком. Ён залез у балён, пачаў цацкацца з выключаль-