Уступная гутарка з дзяцьмі.
— Дзеці! Што знаходзіцца ў вас у хаце на покуце?
— Сьвятыя абразы.
— Што гэта сьвятыя абразы?
— Сьвятыя абразы гэта — сьвяшчэнныя ізабражэньні ці малюнкі на дрэве, на палатне, на паперы Госпада нашага Іісуса Хрыста, Божай Мацеры, Сьвятых Угоднікаў Божых.
— Ці вашыя бацькі, дзедка, бабка паважаюць сьвятыя абразы?
— Нашыя бацькі шануюць сьвятыя абразы, ўтрымліваюць іх у чыстаце, прыбіраюць кветкамі, запальваюць перад імі лампадкі, рана й вечар, — перад ядою і пасьля яды моляцца перад імі і цалуюць іх. Мы таксама, як навучаюць нас тата і мама, дзедка і бабка, любім сьвятыя абразы, молімся перад імі і цалуем іх.
— Што вы робіце, молячыся перад сьвятымі абразамі?
— Мы хрысьцімся і б‘ём паклоны.
— А куды ў нядзелю ці ў свята ідуць маліцца вашыя бацькі і вы з імі?
— У храм Божы, ў царкву. Царква для нас самы сьвяты, самы дарагі будынак. У царкве ўжо не адзін, ня два, ня тры абразы, як у нас у хаце, але многа, многа. У царкве добра і прыемна маліцца.
— Хто адпраўляе службу Божую ў храме?
— Бацюшка, свяшчэньнік. Ён голасна, каб усе чулі, гаворыць малітвы, ён прызывае на нас міласьць Божую, багаслаўляе нас імем Гасподнім і навучае, як трэба жыць і захоўвацца багабойным хрысьціянам.
— Ад каго бацюшка атрымаў гэтую сьвяшчэннаю ўладу?
— Ён атрымаў яе ад Уладыкі Архірэя.
— Чым выказваюць вашыя бацькі і, за прыкладам іх, вы сваю пашану да сьвяшчэньніка за тое, што ён моліцца за вас, багаслаўляе і вучыць вас імем Гасподнім?
— Мы любім і слухаем яго, як сваіх бацькоў, і цалуем руку, якая нас багаслаўляе.
— Хто-ж загадаў нам хадзіць у царкву, маліцца,