Перайсці да зместу

Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/165

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

абарону Веры Праваслаўнай, бо зьявілася вялікая небясьпека і з боку каталіцтва і вуніі, і з боку пратэстанства ды розных пратэстанцкіх сэктаў, ішоўшых праз Польшчу з Захаду. Гэтая небясьпека высоўвае што раз болей і болей патрэбу духоўнае асьветы, і яна на Беларусі пашыраецца і паглыбляецца. Каб здаволіць гэтую патрэбу, закладаецца шмат друкарняў. Друкарні раскідаліся па ўсёй Беларусі, па вялікіх і малых гарадох, як Вільня, Полацак, Магілёў, Віцебск, Менск, Нясьвіж, Любча, Слуцак, Пінск, Заблудава, Заслаўе, Супрасьль, Еўе і г. д. Друкуюцца пераважна духоўныя ці царкоўныя кнігі, бо наагул асьвета таго часу носіць такі характар. А д-р Юры — Францішак Скарына з Полацку перакладае на сучасную яму беларускую мову амаль усе кнігі Сьв. Пісаньня, каб яны былі даступны ня толькі вучоным, але і простым людзям.

Заняпад Праваслаўнае Царквы на Беларусі ў XVII—XVIII в.в.

У XVII—XVIII веку Праваслаўе на Беларусі паступова заняпадае. З часу вядомай Берасьцейскай царкоўнай вуніі (1596 г.) Праваслаўная Царква фармальна траціць права існаваньня. Яе месца павінна заступіць і часткова заступіла вунія, г. зн. царква, якая, пры захаваньні праваслаўнага багаслужэбнага абраду на славянскай мове, падпарадкавалася папе рымскаму, які стаіць на чале каталіцкага касьцёлу. На падставе каралеўскага загаду, да вуніятаў адна за аднэй пераходзяць Праваслаўныя Цэрквы і манастыры, са ўсёй іхняй маемасьцяй. Пераходзіць у вунію і частка духавенства, хто пад прымусам, а хто і дабравольна, спакушаны больш забясьпечаным і спакойным жыцьцём. Епіскапскія кафэдры праваслаўныя ўсе былі скасованы. Ад 1710 году блізу да канца XVIII ст. засталася толькі адна праваслаўная епіскапская кафэдра ў Магілёве на Дняпры. У той час на Беларусі была паншчына і народ быў паняволены, дзеля гэтага часта здараліся пераходы праваслаўных у вунію. За два сталецьці перайшло ў вунію больш за 1½ мільёны праваслаўных беларусаў. Шмат хто з іх, асабліва людзі заможнейшых клясаў, страцілі з працягам часу ня толькі веру сваю, але і мову і ўсё аблічча сваё народнае.